Анамнез
Анамнез (ад грэч. Ἀνάμνησις — успамін) — сукупнасць звестак, атрыманых пры медыцынскім абследаванні шляхам роспытаў самога пацыента і / ці асоб, якія яго ведаюць. Вывучэнне анамнеза, як і роспыты ў цэлым, не проста пералік пытанняў і адказаў на іх. Ад стылю размовы ўрача і хворага залежыць тая псіхалагічная сумяшчальнасць, якая шмат у чым вызначае канчатковую мэту — аблягчэнне стану пацыента.
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/b/be/A_doctor_interviews_a_patient_during_a_cholera_outbreak_in_Chuadanga%2C_Bangladesh_in_2013.jpg/250px-A_doctor_interviews_a_patient_during_a_cholera_outbreak_in_Chuadanga%2C_Bangladesh_in_2013.jpg)
Дадзеныя анамнеза (звесткі аб развіцці хваробы, умовах жыцця, перанесеных захворваннях, аперацыях, траўмах, цяжарнасці, хранічнай паталогіі, алергічных рэакцыях, спадчыннасці і інш.) медыцынскі работнік высвятляе з мэтай іх выкарыстання для дыягностыкі, выбару метаду лячэння і / або прафілактыкі. Збор анамнеза з’яўляецца адным з асноўных метадаў медыцынскіх даследаванняў. У некаторых выпадках, у сукупнасці з агульным аглядам, ён дазваляе дакладна паставіць дыягназ без далейшых дыягнастычных працэдур. Збор анамнеза — гэта універсальны метад дыягностыкі, ужывальны ва ўсіх абласцях медыцыны.